Крыж
- Дрэнна бяз Марка. Блага. Цяжка. Губляю я нешта, каханая. Нешта адбываецца, што я яшчэ ня ведаю. Не магу зразумець. Неяк цяжка стала. Быццам бы мядзьведзь на плечы наваліўся, і не адпускае. Ён пасунуў яе, сеў на ложак. Яна села побач. Палажыла галаву яму на плячо.
- Учора ў люстэрка глядзеў, а яно – мутнае. Пустое. Як старое парэпанае шкло. Пастукаў па ім – цьвёрдае. Простае шкло, і – нічога. Рука не праходзіць. Ён павярнуўся да яе.
- Ты ведаеш, што гэта значыць?
Яна кіўнула. З жалем глядзела на яго.
- Гэта значыць, што я чалавекам стаў. У поўнай меры. Безпаваротна. Няма ў мяне больш шляху ні ўніз, ні ў гару. І ты, каханая, назад вярнуцца ня зможаш. На жаль, ці на дабро. Колькі год мне засталося? – працягнуў ён. – Колькі мне зараз?
- Пяцьдзесят … адзін… ці два? – яна запытальна глядзела на яго.
- Што ж, засталося мне можа, якіх трыццаць гадоў. І – усё. А потым – канец. Потым – Бог. А ты? Што ты будзеш са мной рабіць? Калі мяне ня стане? Як ты будзеш жыць тут? Навошта я цябе сюды прыцягнуў … Ён абняў яе. Яна прыціснулася да яго, прыхілілася.
- Як-небудзь буду, - ціха вымавіла. – З табой.
- А калі мяне заб’юць? Калі я памру? – разгублена вымавіў ён. У яго голасе чуўся сапраўдны жах. – Што будзе з табой? Ты ж ведаеш, якія часы. Вакол – вайна. Бясконцыя войны. Калі тут ціха было, мірна?
- Я веру, што ўсё будзе добра. Я веру ў Бога, - ціха, але ж цьвёрда вымавіла яна. І працягнула:
– Веру ў цябе.
Ён крануў вуснамі яе лоб. - Дзяўчынка мая. Каханая. Ня ведаю, колькі мне засталося. Але ж абяцаю, што буду кахаць цябе ўвесь гэты адведзены мне час. І нават – потым. Бо ж сьмерці няма. Ты ведаеш? Помніш, я казаў цябе, што сьмерці няма?
Яна ахапіла яго за шыю. І ціха вымавіла:
- Ты быў правы, і сьмерці няма, каханы. Бо ж на сьвеце ёсьць толькі Бог, і мы – у ім. У канцы проста будзе трэба прайсьці праз люстэрка. Мы зробім крок туды, і прыйдзем да Яго.
Яна бачыла яго твар перад сабой – твар зараз стомленага, выпрабаванага цяжарам жыцьця чалавека, яшчэ моцнага, як магутнае дрэва, высокае, пакрытае зялёнай ліствой, якая пачала чырванець на асеньнім сонцы. Ён быў прыгожы для яе, такі, што на яе душы стала балюча. Будуць ісьці гады, і гэтыя чорныя бровы і валасы пакрые сьнег. Як і яе. І яны будуць стаяць разам пад гэтым сьнегам, халодным, бязьлітасным, ад якога іх ніхто не закрые, і нават яны ня змогуць абараніць адно аднаго ад гэтай зімы. Чалавеку суджана сыйсьці, бо ж яго час на зямлі абмежаваны. Як абмежаваны ён і ў пекле, і ў адхлані. У канцы канцоў, напрыканцы ўсяго, калі ўспышка жыцьця згасьне, чалавек накіруецца да Бога. Як добра, што яны накіруюцца да Яго разам, - падумала яна. Бо ж сьмерці сапраўды няма для таго, для каго Ёсьць Ён.